Уладзімір Сцяпан. Страла

З амерыканскіх клёнаў цёк сок. І з таполяў абпілаваных, і з каштанаў цёк сок… Кульцістыя дрэвы падпіралі сіняе неба побач з чырвонацаглянымі гаражамі... З амерыканскага клёна Толік зрабіў сабе лук. А дамы-чатырохпавярховікі на Кастрычніцкай ружавелі, як зефір. Пад абпілаванымі дрэвамі сохла бялізна, і яна нагадвала пра снег. Любка ішла па вуліцы. Ёй было васямнаццаць. Вочы шэрыя… Толік стаяў на грукатлівым даху гаража. У руках трымаў лук з амерыканскага клёна. Адзінаццацігадовы хлопец усклаў на цеціву стралу, зробленую з аконнага штапіка. Плюнуў на пальцы і напяў лук.

Не кажыце мне ніколі пра маю малую радзіму брыду. Ніколі не кажыце!

Ціўкнула нацёртая смалой вяроўка. Страла ўдарыла Любу ў плячо. Войкнула дзеўка. Падняла стралу і зламіла злосна. Да нашага пад’езда заспяшалася.

«Во, бляха. Заўважыла!» — плюнуў Толік на кірзавы бот. Люба пайшла да Толікавых бацькоў. Яна несла ў руцэ паламаную стралу. А бацькі — на працы.

У кватэры Любу сустрэў Шурка, старэйшы Толікаў брат.

Не кажыце на маю малую радзіму брыдкія словы. Не кажыце!

Бо Толік — мой аднакласнік і сусед. А яго лук з амерыканскага клёна і страла са штапіка аконнага — чароўныя. Шурка з Любай сорак два гады жывуць разам.

А Толік на небе.