Уладзімір Сцяпан. Смех

Аднакласніца Ленка Тронская жыла на ціхай вуліцы ў прыватным доме. У Ленкі памёр бацька. Некалькі сямікласнікаў, якім Тронская падабалася, пайшлі на пахаванне. Класная адпусціла з урокаў. Мы прыйшлі. Побач з домам стаяла грузавая машына з адкінутымі бартамі, пара легкавікоў, курылі мужчыны. Ленка выйшла да нас у двор. На ёй было ўсё чорнае: хустка чорная, чаравікі чорныя, панчохі. Выглядала кепска. Раней Тронская часта казала, што бацьку не любіць. Толік паглядзеў на Ленку і пацікавіўся колерам яе бялізны. Аднакласніца спачатку стрымана ўсміхнулася, а потым засмяялася па-сапраўднаму, а далей гучна зарагатала. Істэрыка. Павыходзілі жанчыны з дома. Спалохаліся. Ленку пачалі паіць вадой з валяр’янкай, даваць жоўценькія пігулкі…

На той вуліцы быў толькі аднойчы, калі аднакласніца шалёна рагатала на бацькавым пахаванні.

Колер пігулак памятаю, а вось назву вуліцы забыўся.