Уладзімір Сцяпан. Адна капейка

Гэтае апавяданне і ўсю кніжку
я прысвячаю Алене Марковіч,
якая і натхняла і прымушала складаць словы ў сказы.



Я знайшоў восемдзесят сем капеек. Бывае і такое шчасце.

Тая «неверагодная» падзея адбылася пагодным чэрвеньскім днём, пасля апоўдня. Першыя дні бясконцых, як заўсёды на пачатку падаецца, летніх вакацый. Ішоў я сабе ад аўтобуснага прыпынку да пляца з фантанам праз парк. Звычайна ў тым парку, а дакладней — скверы, мужчыны віно п’юць, за жыццё гамоняць, а па вечарах хлопцы за прыпынкам, пад таполямі ды каштанамі, адносіны высвятляюць, б’юцца ці з дзяўчатамі абдымаюцца-цалуюцца. Сам не ведаю, чаму менавіта праз сквер падаўся, а не асфальтам, паўз клумбы з гладыёлусамі да настуркамі, якія яшчэ і не думалі распускацца. Ні якіх прыкмет вялікага шчасця не назіралася. Сонца свяціла звычайна, птушкі ціўкалі будзённа, з чырвоных заводскіх комінаў валіў у высокае летняе неба дым.

А шчасце мяне чакала.

Побач са сцежкай цьмяна бліснула манетка і спыніла мяне. Вачам не паверыў. Калупнуў мыском кеда. Прыціснуў гумовай падэшвай. Прысеў на кукішкі, азірнуўся так, нібыта хаваўся. А можа, і наадварот, спачатку азірнуўся, а потым прысеў. У траве быў сапраўдны россып жоўтых і белых манетак. Іх было так шмат, што я спалохаўся. Я абпоўзаў, агледзеў і абмацаў зямлю і траву на два бакі ад сцежкі. Рукі ад раптоўнага шчасця калаціліся, спіна зрабілася мокрай ад поту. Кашуля прыклеілася да хрыбта...

У дзевяць гадоў, а мне менавіта столькі на той час было, я добра лічыў. А вось пералічыць сваё багацце здолеў, можа, ці не з пятага разу. З кожнай спробы атрымлівалася іншая лічба... Жменя манет нязвыкла адцягвала кішэню, і пры кожным кроку манеты ажывалі, пазвоньвалі.... А ў галаве закруціліся думкі-планы. Я адчуў кісла-салодкі смак шчасця і неверагодную лёгкасць...

У тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят сёмым для дзевяцігадовага хлопчыка такая сума была раскошай. Магу скласці і напісаць даўжэзны спіс карысных, неабходных і вельмі патрэбных рэчаў і прысмакаў, якія можна было займець на тыя выпадкова знойдзеныя грошы. Спіс той зойме не адну і не дзве старонкі. Вось толькі першае з таго, што прыгадваецца:

1. Ножык-складанчык на тры лязы.

2. Пластыкавы бела-чырвоны паплавок-бомбачка.

3. Вудзільна бамбукавае, гнуткае.

4. Скрутак гумовага аптэчнага жгута на рагаткі.

5. Дзесяць метраў мадэльнай гумкі.

6. Сонечныя акуляры.

7. Кручкі карасёвыя.

8. Кулёк фінікаў.

9. Гематаген.

10. Пластыкавы брылёк.

11. Клей, шалёсткая папяросная папера, рэйкі...

12. Значкі.

13. Перавадныя карцінкі.

14. Квіткі на дарослыя фільмы.

15. Марожанае.

16. Катушку зеленкаватай жылкі.

17. Металічны грабеньчык.

18. Канверт «АВІЯ».

19. Калода картаў.

20. Маленькі сіні нататнічак.

21. Яшчэ адзін паплавок.

22. ........................................

Я не знаходзіў сабе месца. Мяне раздзімала ад шчасця, гонару і радасці. Пачаўся рэйд па крамах.

Калі выходзіў з гаспадарчай, то і ўбачыў Барыска. Ён еў белы хлеб. Стаяў пры ганку, там, дзе жанчыны вазкі з малечай, а мужчыны ровары ды мапеды пакідаюць. Міргаў пачырванелымі вочкамі і выядаў з лусты, як з кавуна сакоўную сярэдзіну, мякіш. Колькі ж было гадоў гэтаму маленькаму чалавечку? Магло быць і трыццаць, а магло і пяцьдзясят. Ён шамкаў праваленым бяззубым ротам і ўсміхаўся, абсалютна задаволены жыццём. Ростам Барысок быў з мяне, не больш. На спіне, а дакладней за ёй, памерам з два боханы хлеба ўздымаўся горб.

Калі я быў зусім малы, мама Барыском палохала. Прыгаворвала, што, калі не буду слухацца, не кіну пярэчыць — аддасць мяне старцу Барыску, а ён схавае мяне ў вялікі мех, які заўжды пры ім, і зацягне далёка-далёка, адкуль я ніколі не выберуся...

А таму старца Барыска я не любіў і нават колькі разоў кідаў у яго каменнем. А за што яго любіць? Гарбаты, брудны, бяззубы, апрануты ў рыззё, на нагах вялізныя ссохлыя чаравікі з адным матузком. А яшчэ і мех каля ног, лаплены-пералаплены.

Правай рукой прыціснуў кішэнь з грашамі. А Барысок пагля-дзеў мне ў вочы і зашамкаў яшчэ хутчэй, быццам я ягоны хлеб наважыўся адняць, а скарынку схаваў за пазуху пад крысо доўгага, як паліто, пінжака.

Адышоўся ад старца крокаў на дзесяць і спыніўся. Барысок корпаўся ў мяху і глядзеў на мяне.

— Барысок усё магёт... За кожную капеечку выканаю жаданне. Дай, дай, дай, чуеш, малы, дай Барыску, а то... — мармытаў, прыгаворваў, як падалося, на ўсю вуліцу старац.

Я спалохаўся, знерухомеў, разгубіўся. Адкуль ён ведае пра грошы? Жанчыны, дзяўчаты і нават сквапныя суседкі-бабулькі заўжды падавалі Барыску, быццам абавязаныя былі. Хто дзесяць капеек дасць, хто пяць, хто паўбохана хлеба, цукерку, пару аладак ці яблык... Усё, што трапляла ў старцавы рукі, імгненна знікала ў мяху. Дзіўна, але і міліцыя Барыска не чапала, дазваляла хадзіць па пасёлку, швэндацца па пад’ездах, зазіраць у кватэры, вымантачваць ды выпрошваць. Дзеці ж старца не любілі, пабойваліся, а таму як маглі псавалі яму жыццё. Бегалі за ім, дражніліся, крыўдзілі і нават білі. Барысок ад злосных падлеткаў уцякаў. Смешна так уцякаў, перавальваўся з нагі на нагу, галаву ўгінаў, прыкрываў твар рукой і бег. Пацэліць каменем ці агрызкам у вялікі горб лічылася справай гонару.

Дзе жыве Барысок? Казалі, за шашой, за шклозаводам, за старымі могілкамі... Дакладна ж таго ніхто не ведаў, ды і ведаць ці хацеў.

— На. Бяры. Салодзенькая. — На далоні старца ляжала цукерка.

Я вагаўся, а Барысок усміхаўся.

Узяў нарэшце я тую цукерку «Залаты ключык».

— Дай Барыску капеечак... А ён твае жаданні выканае. Дай, дай, дай, — канючыў старац і глядзеў у мае вочы. — За кожную капеечку па адным жаданні.

Мая рука апусцілася ў кішэнь. Пальцы выграблі манеты, і яны з металічным шоргатам перасыпаліся, перацяклі ў глыбокую Барыскову далонь.

Я разгублена міргаў і быў гатовы расплакацца.

— Ідзі цяперака, малы, ідзі... Барысок усё магёт. Хутка ўбачыш, — прыспешыў ён голасам і заціснуў карэлыя пальцы. Я не паспеў нават позіркам развітацца са сваім скарбам, выпадкова знойдзеным і так хутка страчаным.

Парэпаны асфальт, трава, смецце. Я не падымаў галавы. Думкі блыталіся, як у хворага пры высокай тэмпературы. Калі вярнуўся да гаспадарчай крамы — Барыска там не было, як вадой разліўся.

Рукі калаціліся, як у злодзея. Пальцы намацалі ў цемры кішэні манетку. То была адна капейка. Як яна схавалася там, як зашылася? Вядома ж, і яна магла ператварыцца ў карабок запалак. Або ў шклянку звычайнай газіроўкі... Я злосна шпурнуў капейку ў кусты і заплакаў.

Калі спустошаны, але трохі супакоены блуканнем па вуліцах прыцягнуўся дадому, то яшчэ ў пад’ездзе напружыўся, сэрца закалацілася...

Не паверыў вачам. У калідоры стаяў навюткі чорны ровар. Раму агортвала правошчаная рудая папера. Пруткі колаў пералівіста зіхцелі. Я накрыў далонню бліскучую бляшаначку званка, дакрануўся да пляскатага рычажка, і ён азваўся, ажыў.... Удыхнуў востры пах машыннага алею, і той пах падаўся смачнейшым за водар смажанай бульбы, ярчэйшым за водар сунічнага варэння...

Я паверыў Барыску...

За адну капейку — адно жаданне...

А тых капеек яшчэ аж восемдзесят шэсць...

Першае з маіх жаданняў здзейснілася...

І другое, і пятае, і восемдзесят шостае жаданне Барысок выканаў...

Як жа мне сёння спатрэбілася б тая восемдзесят сёмая капейка. Тая, што засталася ў кішэні. Тая, якую я злосна шпурнуў у кусты, а не паклаў у далонь гарбатага анёла...

19.09.2005 г.