Албэрту Каэйру. Гаворыш пра цывілізацыю, і што яе быць не мусіць (пер. Ю. Цімафеева)

Гаворыш пра цывілізацыю, і што яе быць не мусіць,
Прынамсі такой.
Кажаш, што ўсе пакутуюць, ці пакутуе большасць,
І ўсё праз наяўны чалавечы парадак.
Кажаш, што каб склалася інакш, пакутавалі б менш.
Кажаш, каб было ўсё па-твойму, было б лепш.
Слухаю і цябе не чую.
Для чаго б ты хацеў быць пачутым?
Калі б пачуў я, што б ты зразумеў?
Калі б было інакш, было б інакш – вось і ўсё.
Калі б было па-твойму, было б толькі па-твойму.
Гора табе і ўсім тым, хто бавіць жыццё
Ў спробах стварыць машыну, што робіць шчаслівым!