Юля Цімафеева. Стрыптыз

“Распранайся!”
Я зняла паліто і боты.
“Распранайся!”
Я зняла калготкі, спадніцу
і швэдар.
“Распранайся!”
Я скінула майткі і станік.
Стаю голая, як кветка.

“Распранайся!”
Я зняла сумленне.
“Распранайся!”
Я скінула гонар і годнасць.
“Распранайся!”
Няма ні надзеі, ні веры, ні любові,
Ні прагі, ні смагі.
Стаю голая, як зерне.

“Распранайся!”
Я скідаю адно за адным свае “я”,
І скідаючы, на іх станаўлюся,
І расту аж да самага неба.

“Распранайся!”
Я ужо вышэй за дрэвы.
“Распранайся!”
Я ўжо вышэй за дахі.
“Распранайся!”
Я ўжо роўная з хмарай.
Лячу голая, як пёрка.

Апошняе “я” з сябе злушчваю.
Нікога не слухаю,
Распранаюся.
Галоўнае не забыцца на тую "я",
Што ў валасах схавалася.
Да апошняй кропелькі,
Да апошняй крошачкі
Вышкрабла, да апошняга з сябе
Вылузалася.
Распранулася.
Знік
Ла