Юля Цімафеева. Доктар майго цела

доктар майго цела
спіць са мною ў ложку
ён як доктар мусіць заўсёды быць побач
доктар майго цела ўстае па будзільніку
і цягне мяне пад душ
ён як доктар можа бачыць мяне голай
доктар майго цела
прабівае мой квіток у тралейбусе
ён як доктар у транспарце ездзіць бясплатна
на працы доктар садзіць мяне на крэсла
і адразу лічыць пульс
і адразу мерае ціск
і адразу ставіць кропельніцу
і глядзіць на мяне сур'ёзна
праз свае акуляры
вось так

прывязаная кропельніцай
да крэсла, кампутара і тэлефона я,
а доктар майго цела заўжды побач
ён водзіць мяне на абед
і поіць мяне гарбатай
праўда зрэдчас паглядае налева
хоць і доктар, але яму таксама трэба
тады я гляджу на неба
тады я гляджу на сонца
тады я гляджу на белыя хвалі аблокаў
але доктар заўсёды вяртаецца
і лічыць пульс
і мерае ціск
і ставіць кропельніцу ў самае сэрца
зацягвае на працу
і сьцягвае мяне з працы
кладзе ў ложак, заводзіць будзільнік...

слухай доктар можа ўжо хопіць?
слухай так званы доктар майго так званага цела
можа час спыніцца?!
я збягу а ты зробіш выгляд
што назаўсёды
ці давай так. давай я скіну
гэтую скуру нібы змяя
і знікну.
А ты зробішся доктарам біялагічных навук
будзеш вывучаць парэшткі
жанчыны-змяі
і ў канцы жыцця заслужана атрымаеш
нобэлеўскую прэмію

а, доктар?! згода?..
згода, пытаюся, доктар?!
........................

толькі пакінь мне неба
толькі пакінь мне сонца
толькі пакінь мне белыя хвалі аблокаў