Мэцью Дзікман. Любоў (пер. Ю. Цімафеева)

Наша любоў нараджаецца на вяселлях і аўкцыёнах,
за келіхам віна ў італьянскіх рэстарацыях, дзе віецца
пластмасавы вінаград, нашы целы трапечуць
у чэргах, на прыпынках, на баскетбольных пляцоўках.
Мы не можам расчапіць рук,
а як расчэпім,
хапаемся за маскі злодзеяў і кайданкі,
і каханне нараджаецца зноў.
Мы ходзім у кіно і сядзім у кандыцыянаванай цемры
разам з закаханымі незнаёмцамі,
разам з героямі, падобнымі да Пітэра Паркера,
што кахае дзяўчыну, з якой не можа быць разам,
бо ратаваць свет у чырвона-сініх рэйтузах
яму больш даспадобы, чым яе ногі, што абвіваюць
яго цела, ці яе міжножжа ў яго пад языком.
Пакуль мы глядзім фільмы,
у якіх зоркі граюць зорак
і іх пакуты,
хлопец, які прадаў нам папкорн, кахае дзяўчыну,
якая прадала нам квіткі,
і ён штовечар углядаецца ў стрэлкі
на яе панчохах.
А яна тым часам закаханая
ў кастлявага пацана з крамы, які прадаў ёй цыгарэты.
Калі б свет умеў спачуваць,
ён бы дазволіў ім абодвум
перадаваць Marlboro Light з рук у рукі,
пакуль іх пальцы нарэшце не сустрэнуцца,
а вусны не злучацца ў пацалунку.
Калі б свет ведаў, як
лямпачка кахаецца з патронам,
мы б усе зажылі прыпяваючы,
і кідаліся б з галавой у вільготнае лона,
мы б зрабілі пот сваёй рэлігіяй
і маліліся б святасьці паху.

Я спынюся тут
цёмнай ноччу
на палявой дарозе,
дзе палявыя песні
бяруць свой пачатак, і пацалую тую жанчыну пад купалам дрэваў,
што пад купалам зораў,
што пад купалам жарсці.
і вось гучыць музыка, я чую.
Джоні Ротан, Бігі Смолс, Іяган Себасьцьян Бах – усё роўна,
што людзі скажуць –
Я кахаў цябе так, як мой рот кахае зубы,
як знаёмы хлопчык, што аддаў бы ўсё за ліловага дыназаўра,
які, папраўдзе кажучы, хлопчыка таксама кахаў.

У прэрыях палі кукурузы
закаханыя ў пудзіла, яго мехаватую галаву
і саламянае цела, што ўзвышаецца над сцяблінамі,
нібы фермер Хрыстос, поўны любові.

Уключаю радыё і чую,
як АМ кахае FM, гэтак жа мая маці кахала Элвіса,
чые сцёгны кахалі ўсе дзяўчаты, седзячы перад тэлевізарам
у шырокіх спадніцах і белых гольфах.
Ён Love мяне tender так моцна,
што я нарадзіўся пасля доўгай ночы кахання
«Чорнага рускага» і канасты пад грукат Jailhouse Rock.

Маркі кахаюць капэрты, адно лізанне чаго вартае,
гляньце на майго сабаку:
ён так шчыруе, кахаючы сябе,
як ніводзін чалавек не змог бы, хаця,
бясспрэчна, спробы былі.

У старэйшых класах я неяк гуляў
каля Макдрайву з голым задам,
пабіўшыся аб заклад з прыгожай каляжанкай,
а потым паміраў ад пакутаў, народжаных дылемай:
вялікі ці не.

Шмат гадоў пазней я сустрэў жанчыну
па імені Каралева Хэві Мэталу,
якая прывяла свайго мужа на вечарынку
і да танцполу цягнула яго на ланцугу,
а ў Тэхасе прусачыхі кахаюць з такой адданасцю,
што носяць шкілеты сваіх мужоў на сабе.

Адна маленькая яшчарка пакахала мяне так шчыра,
што перабралася ў маю кватэру і памерла з голаду.

Ніхто не любіць вайну.
Але я ведаю аднаго
чалавека, які любіць танк настолькі, што хоча на ім
ездзіць у краму, падвозіць жонку на працу,
высаджваць каля школы дачку са сняданкам
у скрынцы з дыснэеўскімі малюнкамі і цыдулкай,
схаванай за яблыкам і пакладзенай з любоўю,
што на ўсе мовы сьвету перакладаецца:
СПАДЗЯЮСЯ, У ЦЯБЕ ЎСЁ ДОБРА.