Юля Цімафеева. Поле ІІ (відэа)


Музыка Вэсна Касэрэс. Фота Юлія Цімафеева.

Штогод поле робіцца маладой.
Пад тонкім вэлюмам снегу,
пад строгім наглядам традыцый.
Яго расчэсваюць граблямі,
разгладжваюць плугамі
і апладняюць.

Поле расце. Поле цвіце.
Закусвае сухія вусны разораў,
слухае сэрцы маленькіх бульбін
пад кожным калівам.

Поле не можа ўстаць,
ляжыць распластаная, капрызная
ў пустазеллі й бацвінні.
Просіць сонца. Просіць вады.

Увосень парадзіха ўздрыгне
ад першага холаду,
скаланецца апошняй грымотай;
і паскачуць, пасыплюцца
ў кашы яе круглыя дзеці.

Апусцелае поле выдыхне.
і заплюшчыць земляныя вочы.

Спі спакойна, старая.
Хутка зноў прачынацца.