Юля Цімафеева. Мая Марта (відэа)


Музыка Вэсна Касэрэс. Фота Юлія Цімафеева

У Парыжы столькі вуліц, мая Марта,
колькі ў цябе сівых валасоў.
Вуліц прамых і кучаравых,
часам сабраных адным пучком
на скрыжаваньні,
часам распусных, даўгіх
і нястрымных.

А ты, мая Марта, даўно
не выходзіш на вуліцу.
Ты, мая Марта, як Парыж,
бачыш толькі сябе
ў люстры дзён
і чужых дзёньнікаў,
якія чытаеш залпам.
Дзёньнікаў даўно памерлых
прынцэсаў і герцагіняў.
Ты, мая Марта, сама
герцагіня сярод увабраных
у бронзу ідылічных карцін
з жыцьця грубаватых сялянак.
Сярод антыкварных столікаў,
пад жырандоляй такой сьвяточнай,
што ніводнае сучаснае сьвята
ня вартае ейнага бляску.
Ёй цесна ў тваёй маленькай,
застаўленай мэбляй кватэры, Марта,
але куды яна пойдзе?..

Мая Марта, ты маеш рацыю,
на Манмартры ўсё зусім ня тое.
Бяздарныя рысавальшчыкі
партрэтаў за трыццаць эўра, і
за пукатай сьпінай царквы
Сьвятое сэрца мастацтва
згніло, загінула, не ратуе
ні фармалін, ні нафталін.
Але Парыж усё адно
сябе любіць, як і ты – сябе,
мая Марта.

Я чую ціхія песьні пылу
пад тваёю канапай, мая Марта,
я бачу, як павукі разьвешваюць
свае шэдэўры паверх тваіх карцін…

Марта, ты чуеш мяне?
Кава астыла
ў тваіх халодных руках.

…самотныя вочы Парыжу
сочаць раўніва
за нашым з табой рандэву.