Юля Цімафеева. Паміж намі слова

У садзе

Зубатыя кветкі прарастаюць
з гэтага семя.
Чапляюць за ногі ўсіх,
хто праходзіць побач,
просяць са слязьмі і мальбою,
каб іх забралі адсюль,
з гэтага саду.

Зубы ў кветак нявострыя,
зубы ў кветак нязлыя.
Іх пялёсткі блішчаць на сонцы
ад несупынных слёз.
Іх сцябліны гайдаюць
нястомна галоўкамі.

Нам падабаюцца
зубатыя кветкі,
якія нікога не ўкусяць,
якія нікога не раняць,
толькі сэрца крануць,
а на выхадзе з саду адпусцяць.

Калі ж кветкі наплачуцца,
яны зноў дадуць семя.
Збяры яго і пасадзі ў гэтым садзе.
Павер, тут ім самае месца,
а што зубатыя кветкі кажуць,
не слухай.


Выцінанка

мы з табою пара нажніцаў
рэжам
адзін на дваіх белы аркуш

вырастаюць з яго
белыя дрэвы
белыя кветкі
выкараскваюцца
пачвары
і чэрці
выпростваюць свае
крывыя белыя ногі
і топчуць белыя сцябліны
але папяровыя чэрці
папяровым кветкам
не могуць нашкодзіць

з белага аркуша
вырастае пяшчота
любоў
вырастае сум
і самота
сваркі і звадкі і звон
увушшу
ад маўчання

мы ўмеем усё
парай нажніцаў
мы рэжам
адзін на дваіх белы аркуш

мовы

нараджаем сусвет
вострымі лёзамі
сваіх языкоў


Альгерду Б.

Паміж намі слова.
Я маю ў роце яго пачатак,
а ты – яго канец.
Слова – гэта паветраная рыба.
Мы зубамі ўчапіліся ў яе
і адпускаць не хочам.

Слова лёгкае
і робіць лёгкімі нас.
Вецер падымае рыбіну слова
і нясе, як па цячэнні,
у чужыя сказы,
у чужыя тэксты.
Слова віхляе хвастом
у цябе ў роце,
глядзіць не міргаючы
слізкімі вачыма ў маю глотку
і паддаецца парывам.

Нашы целы не адарваць ад слова,
не расхінаючы вуснаў,
не расціскаючы сківіцаў,
не бачачы языка адно аднаго,
мы спрабуем гаварыць паміж сабой,
а паміж намі рыбіна,
якую мы не можам выпусціць,
слова, якое мы баімся вымавіць,
вобраз, які мы не хочам
цалкам асэнсаваць.

Але калі мы адпусцім
рыбіну на волю, ці выжыве яна
і ці паразумеемся мы?


***
Голас месца,
адкуль мы ідзем,
мацнейшы за нас.
Ён скача праз нашы
сагнутыя цяжкай
дарогаю плечы
і нясецца наперад.
Ён гучна расказвае ўсім,
каго сустракае,
хто мы і якімі былі
там, адкуль мы ідзем.

Голас месца,
адкуль мы бяжым,
не ўмее дрыжаць.
Ён гаворыць
упэўнена, звонка,
ён сцвярджае,
ён выкрывае,
ён б’е праўдай
па нашых самых
балючых месцах.
Ён ведае ўсё пра нас,
ён усё раскажа. Нідзе
не знайсці нам схову
ад голасу месца,
адкуль мы бяжым.

Жвір і пясок,
на якім мы выраслі,
не вытрасці
з-пад уласнай скуры,
не заглушыць іх скрыгат.

Голас месца
ў сабе
не адужаць.


Дзверы

На голай сцяне
з’яўляюцца дзверы
і пачынаюць расці.
Спачатку, як пляміна,
ад раздушанай мухі.
Пасля,
як пушка запалак,
як пачак цыгарэт,
як акно ў вясковай
драўлянай
прыбіральні.

Маленькія дзверы
рвуць шпалеры
і кожны дзень
робяцца
ўсё большымі.

Калі дасягаюць яе памеру –
ручка якраз на ўзроўні рукі –
яна не наважваецца,
не націскае,
адварочваецца
ад сцяны,
стараецца жыць,
быццам
нічога
такога
не здарылася,
усё ў парадку,
усё ў норме,
жыццё, як жыццё.

А дзверы замянілі сабою сцяну
і аднойчы іх адчынілі
з адваротнага боку.


Альгерд і яго шахматная фігура

Альгерд глядзіць
на дошцы
робіць крок фігура
бясконцы чорны профіль
блікуе
і ценем стрэлкі
паказвае на поўдзень

Альгерд п’е каву
курыць цыгарэту
садзіцца зноў
нанізваць словы
як мятлікаў
на шпількі тэксту
мятлікі
просяцца ў рукі самі
але ўсіх не спаймаеш

бясконцы профіль
кінуты сам-насам
з дошкай
фігура робіць шах
і мат сабе
ніхто не бачыць
зноўку адступае
і зноўку шах

Аўрэліян
у палоне матылькоў
якіх палоніць

фігура падае
й кладзецца
чорным ценем
на поўнач

аўтар кампазіцыі – Дзмітры Іваноў
(у кампазіцыі выкарыстана музыка Яўгенія Цілікова і Сяргея Воўка)