Юля Цімафеева. МОЛОДЕЧНОМЕБЕЛЬ

Раптам знутры
пачулася балючае «О!»
Элізабэт Бішап «У прыёмным пакоі»


У Зялёным Лузе на вуліцы Каліноўскага
мы стаім і ў прыцемках чакаем,
пакуль будзе гатовая піца:
адна Вясковая, а другая Гавайская.
У марозным паветры спальнага раёну
пах гатовага цеста і цыгарэт «Rotmans сінія».
Тонкія калготкі не грэюць ногі,
і таму, стоячы, я варушу пальцамі ў ботах.
Мы гаворым пра ветлівага кухара,
пра літаратурную імпрэзу,
што зацягнулася,
пра знаёмых паэтак і празаікаў,
пра іхнія творы.
Спрачаемся, абмяркоўваем,
каго мы любім, за што,
і каго мы не любім зусім.
Звычайныя размовы
ў звычайнай (пісьменніцкай) сям’і.
Хочацца есці піцу, седзячы на канапе,
і глядзець серыял.

Раптам

між вялізных літар на краме
МОЛОДЕЧНОМЕБЕЛЬ
я бачу тое, што разбурае
ўсе назвы:
каліноўскага і зялёны луг
рассыпаюцца ўшчэнт!
скажае час:
апошнія пяць хвілін
і «піца гатовая»
расцягваюцца
на пяць стагоддзяў!
яно дастае мяне з абалонкі
літаратурных размоваў,
скасоўвае наш шлюб,
абрубае замерзлыя ногі
палец за пальцам,
забірае голад і стому
і ўсё астатняе.

нашмат
жывейшая за мяне,
хоць дагэтуль няісная,
зорка
трасецца ад смеху
між літар
нечытэльнага слова
з майго быцця