Юля Цімафеева. Сэрца-Камароўка

Камароўка, я хачу стаць нябачнай
каб дакрануцца да ўсіх тваіх прадавачак
каб гладзіць ім валасы
папраўляць ім каптурыкі
і пацеклую ад задухі туш
каб нюхаць іхнія кішкі
каб гладзіць косткі
іх вэнджаных скумбрыяў
каб браць у далоні бульбу
гладкую чыстую
клубень за клубнем
глядзець у яе свядомыя вочкі
і складваць назад
на люстэркі вагаў

Камароўка, ты сэрца гэтага горада
свежае мокрае сіне-чырвонае
сінія фартухі велічных малочніц
чырвоныя – каралеваў
мясных астравоў
белыя прожылкі грэбляў
сырных уладарак
ты ўся ў вечным руху
хуткія рукі тваіх гаспадыняў
шпаркія крокі пакупнікоў
пад купалам пад навесам
ты ўся жаданне
і ўся трымценне

ты багатая, Камароўка
ты поўная ты ўся для нас
кармі нашы вочы
нашы вушы насы
нашыя пальцы
прагнуць цябе
нашы гарадскія сэрцы
адбіваюць свой рытм
у суладдзі з тваім