Юля Цімафеева. Кажуць, ён разбурае замкі

Кажуць, ён разбурае замкі.
Куды ні прыйдзе,
адным паглядам
руйнуе
сярэдневечныя руіны.
Яны рассыпаюцца ў пыл,
робяцца полем,
і тады нехта
аплаквае гэтае месца,
а нехта
будуе, што хоча.

Кажуць, ён так зарабіў
шмат грошай,
бо ў тых далёкіх
басурманскіх краінах
ніхто не плача па замках,
там добра плацяць
за якаснае руйнаванне.

А мы не пусцім яго да сябе,
мы не дадзім яму візы,
мы закрыем нашае неба
ад яго самалётаў,
узарвем рэйкі
для яго цягнікоў.
Нашы дарогі
засадзім да гарызонту
шыпамі з металу.
Мы ніколі
не пакажам яму
нашы
сярэднявечныя
фартэцыі
і пяцісотгадовыя
муры.

Няхай нашыя замкі
паміраюць самі.
Няхай там вольна
бегаюць мышы,
няхай вясковыя дзеці
узрываюць рудыя аркі,
а іхнія бацькі збіраюць
цэлыя цагліны
і нясуць на падварокі.

Нікому не кажыце,
што ў нас ёсць замкі.
Каб ён да нас не прыехаў
і не знішчыў
усё,
што ў нас ёсць.