Юля Цімафеева. Цырк

Я нарадзілася
з вандроўным цыркам унутры.
З цыркам, толькі падумай,
у палескай вёсцы.
Жанглёры, акрабаты,
барадатыя жанчыны…
Які сорам!

Вандроўны цырк
вырастаў разам са мной,
як ваўчаня, што хоча мяса,
яны ўсе хацелі феерверкаў
і шырокіх дарог.
А тут
бураковыя палі,
каларадскія жукі,
народныя прыкметы.

Я хавала свой цырк
між старонак кніг,
як гербарый.
Жанглёраў, акрабатаў,
барадатых жанчын
я выпроствала
ў спадзеве высушыць
іхнія прагныя целы.

Але цыркачы
адмаўляліся гінуць,
яны раслі і мацнелі
пад коўдрай старонак,
на калорыях літар,
у шатры майго цела.

Яны вучыліся
цыркавым хітрыкам,
як вучацца качаняты,
кураняты, парсючкі.

І калі набраліся сіл,
знайшлі драбіны,
накрэмзалі мапу –
калі змаглі ўсё тое,
чаго хацелі й што мусілі…

Цыркачы мяне скралі.
Цыркачы мяне з’елі.

Цыркачы адкрылі
нарэшце ўва мне
свой вандроўны цырк.