Юля Цімафеева. Даўгія рукі майго ўяўлення...

Даўгія рукі майго ўяўлення
абвіваюць тваю шыю.
А вусны майго ўяўлення
цалуюць цябе ў вуха і шэпчуць туды,
але што – я не чую.
Шчокі майго ўяўлення пунсавеюць,
і грудзі майго ўяўлення
пачынаюць дыхаць глыбей.

Мне робіцца няёмка.
Я сканчваю размову,
цісну тваю руку
і сыходжу,
пакідаючы вас
з маім уяўленнем
сам насам.