Чарлз Букоўскі. Усмешка на памяць (пер. Ю. Цімафеева)

у нас былі залатыя рыбкі, яны кружлялі па акварыюме
на стале ля акна
за цяжкімі шторамі
мая маці з заўсёднай усмешкай на твары хацела
зрабіць нас усіх шчаслівымі і казала: «Генры, будзь шчаслівым!»
і яна мела рацыю, бо лепш быць шчаслівым,
калі атрымліваецца
але бацька біў яе і мяне па некалькі разоў на тыдзень,
пакуль
злосць бушавала ў шырачэзных бацькавых грудзях, бо ён не мог
зразумець, што ж грызла яго знутры.

мая маці, бедная рыбка,
хацела быць шчаслівай, яе білі два-тры разы
на тыдзень, а яна і мне казала быць шчаслівым: «усміхайся, Генры!
чаму ты ніколі не ўсміхаешся?»

потым, паказваючы мне прыклад, маці ўсміхалася, і гэта была
самая горкая ўсмешка, якую я калі-небудзь бачыў

аднойчы залатыя рыбкі здохлі, усе пяцёра,
яны плавалі на паверхні жыватамі ўверх з яшчэ адкрытымі
вачыма,
і калі бацька прыйшоў дахаты, ён кінуў іх кату
тут жа, на падлогу, і мы глядзелі, як маці
ўсміхалася