Чарлз Букоўскі. Сіні птах (пер. Ю. Цімафеева)

у маім сэрцы сіні птах,
што хоча вонкі.
але мяне не праб’еш,
я кажу: сядзі там, я не збіраюся
нікому цябе
паказваць.

у маім сэрцы сіні птах,
што хоча вонкі.
а я заліваю яго віскі і
ўдыхаю цыгарэтны дым,
ні прастытуткі, ні бармэны,
ні гандляры ў крамах
ніколі не здагадваюцца,
што ён
там.

у маім сэрцы сіні птах,
што хоча вонкі.
але мяне не праб’еш,
я кажу: «Сціхні, ты хочаш мне
сапсаваць ўсё?
ты хочаш спыніць
маю працу?
ты хочаш праваліць продаж маіх кніг
у Еўропе?»
у маім сэрцы сіні птах,
што хоча вонкі.
але я кемлівы і дазваляю яму
вылятаць толькі начамі,
калі ўсе спяць.
я кажу: не сумуй,
я ведаю,
што ты
там.
пасля я запіхваю яго назад,
але ён ціха пяе там,
я не даю яму памерці,
і мы
спім вось так,
разам,
заключыўшы
таемную
дамову.
і гэта не абы што
прымусіць мужчыну
плакаць, але я
не плачу,
а ты?