Чарлз Букоўскі. Свабода (пер. Ю. Цімафеева)

ён піў віно ўсю ноч
на 28-га і думаў пра яе:
як яна хадзіла, гаварыла, кахала,
як казала яму рэчы, якія падаваліся праўдаю,
але ёю не былі, ён ведаў колер кожнай
яе сукенкі
і яе туфляў – ён ведаў форму і выгін усіх
яе абцасаў
таксама, як і нагі, якая іх абувала.

і яе зноў не было, калі ён вярнуўся дахаты, і
мабыць, яна зноў прыйдзе і прынясе на сабе той смурод.
і яна прынесла
яна ўвайшла а 3 раніцы,
брыдкая, як свіння, што нажэрлася гною,
і
ён дастаў мясніцкі нож,
і яна закрычала,
адступаючы да сцяны
усё яшчэ нечым прывабная,
хоць і смярдзела каханнем,
і ён дапіў шклянку віна.

тая жоўтая сукенка
яго любімая,
і яна зноў закрычала.

і ён падняў нож,
расперазаў рэмень,
разарваў майткі
і перад яе вачыма адрэзаў сабе яйцы.

ён трымаў іх у руках,
як абрыкосы,
і потым змыў іх
ва ўнітаз
а яна ўсё крычала,
пакуль чырвань залівала пакой

О, БОЖА!
ШТО ТЫ НАРАБІЎ?

і ён сеў, трымаючы 3 ручнікі
паміж ног,
не зважаючы, сышла яна ці
засталася,
была ў жоўтым, зялёным ці
ўвогуле голаю.

і адною рукою трымаючы, другою рукой
ён наліў сабе
яшчэ віна