Чарлз Букоўскі. Геній натоўпу (пер. Ю. Цімафеева)

вераломства, нянавісці, жорсткасці, абсурду ў звычайнай
чалавечай істоце даволі, каб забяспечыць любую армію ў любы час

найлепш забіваюць тыя, хто прапаведуе супраць забойства
найлепш ненавідзяць тыя, хто прапаведуе любоў
найлепш ваююць тыя, хто прапаведуе мір

тым, хто прапаведуе бога, бракуе бога
тым, хто прапаведуе мір, не хапае міру
тым, хто прапаведуе любоў, не хапае любові

сцеражыцеся прапаведнікаў
сцеражыцеся знаўцаў
сцеражыцеся тых, хто заўжды чытае кнігі
сцеражыцеся тых, хто ненавідзіць беднасць
і тых, хто ёй ганарыцца
сцеражыцеся тых, хто адразу хваліць
бо яны чакаюць пахвалы ў адказ
сцеражыцеся тых, хто адразу забараняе
бо яны баяцца таго, чаго не ведаюць
сцеражыцеся тых, хто ўвесь час шукае натоўпу
бо паасобку яны — ніхто
сцеражыцеся звычайных мужчынаў звычайных жанчынаў
сцеражыцеся іх любові, іх любоў звычайная
прагне звычайнага

але геній іх у нянавісці
у іх нянавісці стае генію, каб забіць цябе
забіць кожнага
не жадаючы самоты
не разумеючы самоты
яны паспрабуюць разбурыць усё
адрознае ад іхнага
не ўмеючы стварыць мастацтва
яны не зразумеюць мастацтва
сваю паразу як творцаў
яны палічаць паразай сусвету
не ўмеючы любіць напоўніцу
яны палічаць тваю любоў няпоўнай
і потым узненавідзяць цябе
іх нянавісць і будзе без заганаў

як бляск дыямента
як лязо
як гара
як тыгр
як атрута

іх найвышэйшае мастацтва