Чарлз Букоўскі. Адзінота з усімі (пер. Ю. Цімафеева)

плоць нарастае на косці,
у нутро ўкладаюць
дух, а
часам душу,
і жанчыны б’юць
вазы аб сцены,
і мужчыны празмерна
п’юць.
і ніхто не знаходзіць
таго адзінага,
але ўсё
шукае,
і скача з ложку
ў ложак.
плоць нарастае
на косці і
плоць шукае
болей, чым
плоць.

але
без шанцаў:
мы ўсе ў пастцы
самотнага
лёсу.

ніхто ніколі не знойдзе
таго
адзінага.

напаўняюцца сметнікі,
напаўняюцца звалкі,
напаўняюцца вар’ятні,
напаўняюцца шпіталі,
напаўняюцца могілкі.

і нічога больш
не напоўніць.