Сяргей Балахонаў. Прыязджай, мама!

Аднаго хлопца, які толькі-толькі пайшоў у армію, служба добра дадзела, нібыта сапраўднага “дзеда”, для якога час цягнецца марудней, чым для “духа”. Малы, аднак, ня быў яшчэ нават “духам”, а адно “запахам” і знаходзіўся да прысягі ў каранціне, засвойваючы курс маладога байца. Яго прыгнятала ўсё – ад ранішняга крыку днявальнага “Рота, пад’ём!” да сьцёбак сяржантаў-“чарапоў” ды ўбогай ежы, ад якой пушыла вантробы ды пачыналася пякотка. За гэты час салдацік вельмі палюбіў сваю маму, палічыўшы свае паводзіны на цывільлі за няслушныя. І як неймаверна радаснага сьвята ён чакаў дня прысягі, на якую, ён ведаў, зьяжджаюцца бацькі, блізкія і сябры маладых жаўнераў. Але надзея на прыезд матулі была вельмі кволая. Тады хлопец узяў аркуш паперы і напісаў маці ліст, у якім, між іншага, было такое: “Мілая мама, прыяжджай абавязкова ка мне на прысягу, бо есьлі ты не прыедзеш, мяне назаўтра адправяць ваяваць у Чачэнію…” Ліст з такой “навіною” да мамы не дайшоў, патрапіўшы ў рукі адмысловага аддзелу, які не бязь сьмеху раскручваў малога наконт інфармацыі, выкладзенай у лісьце. А мама да салдаціка прыехала…