Сяргей Балахонаў. Крыўда

Варачаўся я неяк поначы дахаты. Іду пустою вуліцай, аж чую: паклаў мне хтосьці руку на плячо. Я абярнуўся й адразу атрымаў у морду, не пасьпеўшы разгледзець, ад каго. Ачомаўся толькі на сьвітаньні без абутку й яшчэ колькіх нятанных шмотак. Ды ня гэта мяне пакрыўдзіла, а тое, што паскуда гэная зрабіла свой удар негабляванай дошкаю. Мала што ўся пыса ў сіняччы была, дык яшчэ й стрэмкі зь яе выцягваць давялося. Гіцаль…