Сяргей Балахонаў. Жартачкі
Два даўнія сябры ліставаліся паўтара года, пакуль адзін зь іх служыў у войску. Вярнуўшыся на цывільле, той не застаў дружбака ўдома, бо яго, як і належала, ужо пасьпелі ня толькі прызваць, але і забраць у дэсант. Ліставаньне ўзнавілася. “Дзембель”, вырашыўшы трохі пасьмяхарыць, на ўсіх капэртах падпісваўся жаночымі імёнамі. Ён ведаў, што лісты ад дзяўчат ускрываюцца адмысловым чынам: надрываецца куточак капэрты, капэрта надзімаецца, кладзецца на шыю “духа”, і “чэрап” ці “дзед” хлопае па ёй далоньню. Калі хлапок з гэтага атрымаецца гучны, значыць, дзяўчына, што піша, сапраўды кахае свайго салдата. Маладому жаўнеру вельмі не падабалася лішні раз атрымліваць па шыі, але ён ня вельмі крыўдаваў на свайго “дзембельнутага” сябра, якому, бывала, лісты ўскрывалі й гумовай дубінкай, як у спэцназе.