Віктар Сямашка. Тату

Сьцежкі сьнегу на схіленых таполях
і ты на фоне будынку пральні
напружана пазіраеш у аб’ектыў

тваё апошняе фота, тата
так і засталося ў нэгатыве
стужка згубілася,
і пральні тае няма

памятаеш?
на кожнай бялізьне меўся асабісты нумарок
нам кідалі скрут праз выемку над дзьвярыма
ад нейкага дзядзькі адмовіліся прымаць порткі,
бо ў крывішчы

даўно не сустракаў у нашым двары
пахавальных працэсіяў
твая была хіба апошняй, пане Вітэку,
несуворы манумэнталіста

аднак таполі тут
па-ранейшаму штозіму
са сьцежкамі сьнегу ўгару