Віктар Сямашка. Цяга

Шаноўныя беларусы-ліцьвіны-крывічы-
грамадзяне й неграмадзяне-жыхары-насельніцтва-народ-грамада-электарат-падаткаплацельшчыкі-дармаеды-
пасажыры-спадары-паны-таварышы-
жыхары Менску й Мінску-
каталікі-уніяты-пратэстанты-праваслаўныя-паганцы-атэісты-
вяскоўцы-засьценкаўцы-хутаране-местачкоўцы ды месьцічы-
зьвяртаюся да вас тарашкевіцай-наркамаўкай-дзеясловіцай-трасянкай-кірыліцай-лацінкаю-афіцыйнаю й неафіцыйнаю-нават арабіцаю альбо
па-паляшуцку, па-яцьвяску:

няхай вершнік сьсячэ капусту ўшчэнт
і Сонца ўзыйдзе над балотам
супрэматычнай лініяй
кроўю па сьнезе
горыньню па тканцы
промнем вагню ў тумане

няхай старое й новае застанецца ў мінулым
а мы выйдзем шчыльна па-за каляндар
празь цягу ў тунэлі этнічных межаў