Рыгор Барадулін. Смак

Лепшага смаку няма, чым жыць,
Як імянінніка,
Дзень вітаць,
Сена пражытага варушыць,
Радавацца,
Што далёка відаць.

Тое, што зблізку,
Бачыць цьмяней,
Гэтак жа, як недахопы свае,
І на сустрэчу выходзіць раней
З той,
Што на ростань руку падае.

Скеміць,
Што долю ўжо не прыручыць,
Сцяміць,
Што сам непрабудна стары.
I пачынаць ціха рэшту лічыць
I ў капшуку,
І ў календары…