Рыгор Барадулін. Следам Эклезіяста

Усё – пачатак тла, і лоўля дзьмушак,
I млоснасць духу – ўсё лухта лухты.
Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,
І мы – як з дрэва існасці лісты.

Ёсць марны дол – карэе ў ім карэнне,
Ёсць неба мары – ў ім шумяць вярхі.
І кожны долю сам сваю сустрэне,
I знойдуць самі кожнага грахі.

Мукá пакут прасеецца праз сітца
Ад халадоў знямоглай глухаты.
І ў вырай будзе зноў душа прасіцца.
Усё – лухта лухты. І ўсё з лухты.