Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Чужыя ідалы халодныя

Я выйшаў насустрач чужынцу,
і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.
Псальм 150:6


Чужыя ідалы халодныя –
Аж сцюжаю душу скрабе.
Чужыя ідалы галодныя –
Усё ядуць як не ў сябе.

Чужыя ідалы ядвабныя,
Дзе ў вабнасці стаіўся яд.
Чужыя ідалы, як вапнаю,
Пабеляць здрадай шэры сад.

На гонях родных
Рунь рунейшая.
Свой страх тужэй ратугу ўе.
Хай у радне,
Таму й раднейшыя
Бываюць ідалы свае…