Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Прыгоршчамі маладзіка й веташка

Вычарпалася ў скрусе жыццё маё,
і леты мае ў стагнотах...
Псальм 30:11


Прыгоршчамі маладзіка й веташка
І даланёю поўні
Вычэрпвае дні мае скрухі рука,
Дапаўшы да апошняе схоўні.

Вычэрпвае,
Як з чаўна ваду,
Вычэрпвае й дно выскрабае.
Я следам за ценямі дзён іду.
Вярнуць іх надзея слабая.

Спяшаюцца цені,
Знікаюць яны,
Не ведаючы ляноты.
І застаюцца са мною адны
Скруха мая ды стагноты.