Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Пілнаваціся кожны мусіць Роднага Бога

Хай памножацца смуткі ў тых,
што цякуць да бога чужога...
Псальм 15:4


Пілнаваціся кожны мусіць
Роднага Бога,
Пілнаваціся кожны мусіць
Роднай зямлі.
Не цяплее душа
Ля цяпельца чужога,
Каласіцца туга
На чужой араллі.

Толькі ў роднага Бога
І шчырасць, і ласка.
Родны Бог – родны бацька,
Бог чужы – як айчым.
Дома суха і ў багне,
На чужыне й на ўзгор’і гразка.
Некалькі ў ваднаго
Не бывае айчын.