Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Не ўзвышэнне сябе самога

Бо не ад усходу і не ад захаду
і не ад пустыні ўзвышэнне...
Псальм 74:7


Не ўзвышэнне сябе самога,
А ўзвышэнне з самога сябе –
Непадсільная перамога
У няскончанай барацьбе.

Не ў дагоду
Сцежка з усходу,
А ў халодную ноч вядзе.
Захад захады робіць,
Выгоду
Выглядае сабе кагадзе.

І спякотны вецер з пустыні
Не асушыць слёзы з вачэй.
Дол нагрэецца ды астыне.
Разбаліцца боль балючэй.

Над забытасцю, над імшою,
Над прадоннем цёмнай маны,
Над спустыненаю душою
Мусіць голас узвысіць
Нямы.

Мелкія ў суцяшэння кішэні,
Хто не клаў у іх, той дастае.
Узвышаймася.
Бо на ўзвышэнне
Вышыні ў нябёсаў стае!