Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. На ўсе стае бязбожных

Усюды ходзяць бязбожныя, калі
нікчэмнасць з сыноў чалавечых узвысілася.
Псальм 11:9


На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Жывуць, каб толькі
Жыць валадарамі,
І д’яблавымі цешыцца дарамі,
Пакуль у пугу вераць табуны.

На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Стараюцца сябе зрабіць багамі.
І ў Божым храме
Хам крычыць у хаме,
Павагу й зайздрасць
Мае да маны.

На ўсё стае бязбожных,
Бо без іх,
Відаць, было б і небу сумнавата.
І ціхі кат за брата лічыць ката.
І вечны грэх
На ўсё глядзіць, як мніх.

На ўсё стае бязбожных,
Бо праз іх
Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва.
І пустазеліцца людская ніва,
А не ўцячы ёй
Ад сярпоў тупых.