Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Заваёўнікам трэба песні ад нас

А тыя, што нас паланілі,
песняў ад нас патрабавалі,
а нашыя прыгнятальнікі –
весялосці…
Псальм 136-3


Заваёўнікам трэба песняў
Ад нас,
Прыгнятальнікам – весялосці.
Толькі песня, яна –
Не вясельны кутас,
Каб дрыжэць у застольнае млосці.

Песня вольная
Вольную мае душу,
Не пяецца ў няволі ніколі.
Прастагнаць заваёўнікам
Можа імшу,
Зачасаць на магіле ім колле.

Весялосць захлынецца ад смеху,
Калі
Прыгнятальнік навек захлынецца.
І ўздыхнецца з палёгкаю
Роднай зямлі –
Аж ад радасці дол скаланецца.