Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Горы ўгарбелі, мір несучы

Няхай прынясуць горы мір людзям
і пагоркі праўду...
Псальм 71:3


Горы ўгарбелі, мір несучы,
Праўдзе пагоркі падставілі спіну.
Людзі чакаюць лепшай пары.
Гоняць плыты прамянёў асначы,
Ім ні супыну няма,
Ні спачыну,
У асначы падаліся вятры.

Несці нялёгка
Праўду і мір.
Горамі вырасці мараць
Пагоркі.
Як жа пагоркам
З маленства ўцячы?
Аж закіпае ад зайздрасці вір,
Робіцца ветах ад рэўнасці
Горкі.
Людзі й не думаюць дапамагчы.