Рыгор Барадулін. Псальмы Давідавы. Бачу вочы твае

Не схавай ад мяне аблічча
Свайго...
Псальм 26:9


Бачу вочы Твае,
Хоць Цябе я не бачыў ніколі.
Чую голас Твой вышні,
Хоць ніколі не чуў я Цябе.
Гэтак вязень сляпы
Бачыць вочы забытае волі,
Гэтак чуецца голас знядзелены
Немай мальбе.

А Табою малюся,
А Табою смялею й баюся,
А Табою дазволены жыць,
Паміраю й жыву,
А Табой паддаюся,
А не паддаюся спакусе,
А са страхам і верай
На плаху Тваю
Я кладу галаву.

Чуць ды бачыць Цябе –
І зашмат, і замала.
Гэта ласка нябесная –
Слухаць Тваю цішыню.
Ты задумаў мяне
Мудра а дасканала.
Я пахібіў Твой плён,
І сябе я за гэта віню.