Рыгор Барадулін. Парада

Не шукай сваіх сярод чужых.
Роднымі не зробяцца чужыя.
І чужая йголка не прышые
Латку радасці да сноў былых.

Не губляй сваіх сярод чужых.
Згуба не вяртаецца дадому.
Ворагу, як і сабе самому,
Пажадай, каб гнеў, як дождж, аціх.

Марнай мрояй не трудзі свой слых,
Што гукнеш чужых, і ты пачуты.
Хоць бы стала моцы на пакуты
Адшукаць чужых сярод сваіх.