Рыгор Барадулін. Лёс да кожнага прыходзіць босы

Лёс да кожнага прыходзіць босы,
Як Хрыстос,
Каб бядзілі кожнага турботы,
Як абуць свой лёс у лапці, ў боты.
А яму не занасіць калёсы.
Боссю – каб нячутна! –
Ходзіць лёс.

Ты, нявольнік, вольны выбраць путы,
Пасталы змяніць на кірзачы.
Грукай збітым, як парог, абцасам.
Смелы і ў руцэ з кавалкам ласым,
Помні заўсягды пра лёс разуты,
Ногі босаму не адтапчы!