Рыгор Барадулін. Касцёл

Тут сон свой мроіць стомлены анёл,
Світае зрок нястомнае пашаны.
Апора духу, дом Свяцейшай Панны –
Нябёсамі асвечаны касцёл.
Каля яго бажэе ўсё наўкол.
І рабаваны быў, і руйнаваны.
Ды рунню веры цень укрыжаваны
Скароміў душ знявераных падзол.

Ідуць смялей і нашае маленне,
І свечкі ў пілігрымку да святла.
І ластаўкамі зоры пад скляпенне
Лятуць – і адступаецца дакука.
Касцёл, каб свет не засціла імгла,
Да Бога цягнецца праменнарука.