Рыгор Барадулін. Дым

Хоць дым умее гаварыць,
Не скажа, што яму гарыць.
Агонь гарыць вачмі рудымі.
Дым спавівае небакрай,
Дарогу ў пекла,
Сцежку ў рай.
Цяплей дрыжыцца
Зорцы ў дыме.

Жыццё гарыць, а дым жыве
І ў ногі сцелецца траве.
І пагарэльца мроі прыме,
Хто мог пераканацца ў тым,
Што ўсё на гэтым свеце –
Дым.
І не відаць нічога ў дыме.