Антон Рудак. Аўтапілот

скочыўшы без парашута праз адчыненыя дзьверы
я лячу скрозь стратасферу пералічваючы страты
я ў нішто даўно ня веру не люблю не спадзяюся
я ўсяго зрабіў багата акрамя таго што мусіў
толькі сам і вінаваты

хто ня хоча скочыць долу са сваіх шматпавярховак
я лаўлю ўсіх вас на слове не паліце і ня сьпіце
не вучыце новых моваў не пішыце на санскрыце
на іўрыце і трансліце пагатоў адначасова
укантакце і у твітэр

уніз наперад галавою я зьбягаю па спіралі
балансуючы на краі таньчу вычварныя танцы
дзе б мяне вы ні шукалі я знаходжуся на зломе
лепей нават не шукайце гэты сьвет мяне ня зловіць
зрэшты ён і не зьбіраўся

пад крылом палае горад бомбы крыюць навакольле
таюць словы застаюцца толькі шкло бетон і камень
гэта ўсё роўнабакова мне пляваць што будзе потым
і дрыжачымі рукамі я запісваю размову
са сваім аўтапілотам