Алесь Разанаў. Паляванне ў райскай даліне

А потым мы выйшлі ў даліну...

Сінелі ўдалечы горы, урачыста высіліся лясы, i ззяла на небе не сонца, а само неба, нібы блакітная лінза, свяцілася мяккай, лагоднай, прыязнаю светлынёй.

Рупіліся на спелых палетках мірна гожыя дужыя людзі, а на зялёных лугах, у гаях гуляла i жвавілася няпужаная зверына.

Мы доўга моўчкі стаялі, удыхаючы водар шчасця, што напаўняў даліну, ды потым, урэшце, нібы намагаючыся, згадалі, што мы не адгэтуль, што мы не такія, што нам ужо трэба вяртацца, i тады грымнуў стрэл...

Усяго адзін стрэл, але ўся даліна павярнулася тварам, уражаная, да нас.

I вось ля самага небаспаду ўзнікла чырвоная хмарка i шпарка пасунуласяпаплыла сюды, за ёю другая i трэцяя, цэлая чарада, i з кожнай гэтай чырвонай хмаркі на спелы ўраджай палеткаў, да ног нашых, сталі падаць i нагрувашчвацца ў кучы целы забітых казуляў, вавёрак, зайцоў...

Не з ношкай здабычы, а з ношкаю цяжкай гнятлівай віны мы адступалі — i ўсё адступаем яшчэ — з той дзівоснай, з той райскай, загубленай намі, даліны, куды нас завёў аднойчы наш паляўнічы лёс.