Юстына Баргельска. Жанчына абвяшчае пчолам пра смерць Гаспадара і павязвае на вулей чорную стужку (пер. М. Пушкіна)

Неверагодна, што магла зрабіць адна прарваная труба.
Неверагодна, што маглі зрабіць адзін мужчына і адна жанчына.
Дзверы зачыняюцца за афіцыянтам, але яны зачыняюцца за табой,
як кожныя дзверы, што зачыняюцца.

Я ўжо аплакала разам з пчоламі наша расстанне,
а цяпер спрабую радавацца таму, што будзе перад ім,
да таго самага моманту, калі ўжо не ведаю,
што рабіць з часам, які ў мяне застаўся,

таму я кладуся спаць, а нехта стаіць нада мной і гаворыць:
змеі так спяць, скруціўшыся ў клубок, як коткі ці як малыя дзеці,
і глядзіце, бо вось яна, поза,
у якой бяруць на неба.