Юстына Баргельска. Спозненая навэнна да святой Рыты (пер. М. Пушкіна)

Я сапраўды не хацела тады паміраць.
Я толькі навучылася складаць
рукі ў малітве так, быццам нешта
ў іх трымаю, толькі
навучылася весці перамовы.
Элегантна, хай сабе і стоячы па пояс
у вогненным моры. Я навучылася ўсяму,
апісваючы гэта прыметнікамі,
якія добра гучаць у перакладзе на англійскую.
Рукі ў малітве я складала так,
быццам хавала ў іх штосьці большае за камень,
і гэты фокус мне падабаўся.

Гэтая карціна выглядала як трыптых,
але яго нельга было скласці.
Я думала, што гэта букет хрызантэм,
а гэта была дзіцячая галоўка,
Я думала, што гэта быў садовы парасон,
а гэта быў дух будучых калядаў.
Калі б я малілася, узняўшы рукі,
як належыць, была б жывая.