Тадэвуш Дамброўскі. Адстаўны прафесар Гарварду... (пер. М. Пушкіна)

***

Адстаўны прафесар Гарварду,
дзякуй, што ты прыйшоў на сустрэчу са мною,
хоць і меў шмат іншых забаваў на выбар,
вышэй чытаў Шаламун, Памук – на два дамы далей.
Дзякуй, што ты прыйшоў, хоць і пачаў храпці,
перш чым я пачаў чытаць, і прачнуўся толькі
на апладысментах. Цудоўна было глядзець,
як ты апускаешся
у фатэль, як пагружаешся ў каляплодныя воды
сну, жывячыся маімі метафарамі
праз нябачную пупавіну. А можа, тым часам
ты выходзіў на касмічную прагулянку ў скафандры
славянскай мовы, які ахоўваў цябе ад вакууму.
Або табе нічога табе не снілася, ты быў самім сабою
пасля інсульту, а я ўтрымаў цябе
ў паэтычнай коме. Не ведаю, але, ва ўсялякім разе,
дзякуй, што ты прыйшоў. Для мяне была важнейшая
твая прысутнасць, чым твая непрысутнасць.