Тадэвуш Дамброўскі. Другая частка праўды (пер. М. Пушкіна)

Бабуля займаецца касцёльнай крамай і
учора, зусім ні за што, яна дала мне святога
Францішка, добра ведаючы, што я маю Ісуса і
блаславёную сястру Фаўстыну з той самай серыі.

Сёння зранку быў святы Юры, але ён ужо пайшоў,
Павінен прыйсці адразу пасля нядзелі зноў
(зрэшты, не толькі ён…)
, – так гаворыць бабуля людзям,
а людзі часта слухаюць і шануюць яе.

Каля пятніцы прыходзіць рай, пекла ўжо
не прывозяць (задоўга стаіць), але я маю
дома пекла, і рай, і святых. І калі
я нуджуся альбо смуткую, я стаўлю перад
сабою рай і пекла. У рай я стаўлю тых,
бабульчыных. У пекла – свінку, сапёра і вадалаза.