Сяргей Прылуцкі. Хутар са слановае косці

Гэты вечар, данайскі дарунак,
уліваецца ў вушы атрутай.
Сьпі, пачварны мой розум, рыштунак
для душы, пакладзі на пакуты

і на боль. Гэта толькі фантомы,
галяграмы чужых біяграфій.
Імітацыя стомы і комы.
Ладзь уласны унутраны трафік,

што цябе забясьпечыць таемнай
кантрабанднай бязмоўнай свабодай –
Афрадытай, красуняю пеннай,
Амфітрытай, багіняй падводнай.

Хай навокал бамжы і калекі,
пі да дна сваю радасьць хмяльную,
пілігрым да няіснае Мэккі,
патаемны зайздросьнік Грэнуя.

Апалёнавы служка й садоўнік,
іншаземных культур дыстрыбутар,
кшталтавацьмеш запушчаны слоўнік,
свой эдэмскі нязгублены хутар.

Там у засені шчаснага ценю
сны ляткія і будні пустыя
залівацьмеш у вены й катрэны –
carpe diem, штукар, carpe diem.


6-9 верасьня, 2005