Сяргей Прылуцкі. Выбар

Р. Фросту

Стань я гандляром несумленным, судзьдзём
прадажным, распусным старым сьвятаром,
дык знаў бы дакладна, якое цяпло
і ўтульнасьць прыносіць падобнае зло.

Стань фэрмэрам мужным наўзбоч ад шашы,
манахам, што песьціць разарый душы;
рупліўцам культуры, цудоўным шаўцом, –
хваліўся б паўсюль – carpe diem! – жыцьцём.

І вось вагаешся між лёсам тым і тым:
той падаецца слушным, той – благім.

Ды раптам бачыш: кажны ягамосьць
пад маскай застаецца тым кім ёсьць –
глытае мяса шчасьця й смутку соль;
звычайны чалавек плюс/мінус боль.

26.01.2005