Сяргей Прылуцкі. Танцы на падваконні

Ярцы

ноч перажоўвае нашыя крохкія сны
і нашыя целы нібы мясарубка мяса
а мы не здаемся мы таньчым і танцы яны –
мілосны зарад у рукох у дзьвух камікадзэ

бо наша вар’яцтва ідзе невядома куды
бо нашы далоні бы два сьмерцяносных кантакты
бо мы адно аднаго захапілі штурмам нібы гарады
і ловім жывёльны свой кайф фіксуючы факты –

як месяц здымае з садоў серабрысты скальп
як нашыя цені паўзуць зачараванай парай
і як галовы гудуць бы шматлюдны суботні паб
і сьвецяцца цыгарэты нібы маленькія фары

таму не хвалюйся ня бойся ступай на край
бо музыка – гэта апошняя барыкада
якая трымае нас разам давай няхай
нас абаўе і задушыць пажада зіхоткім гадам