Сяргей Прылуцкі. Як цудоўна не мець...

Як цудоўна ня мець абсалютна нічога,
пасярэдзіне шляху зямнога крывога
у пустых кішэнях трымаючы рукі.
І любіць усіх, хоць палова — сукі.

Па раённых парках хаваецца морак.
Гапата засяліла тут кожны дворык,
дзе лахам ламае рэбры і лёсы,
мімаходзь страляючы папіросы.

Я вас помню ўсіх, гарадзскія вар’яты,
маладыя наяды, старыя камрады,
безграшовыя панкі й каханкі… Зрэшты
я вярнуся й будзе усім нам нешта.

Бо ўгары плывуць эскадрыльлі ночы —
нам махае адтуль наш Нябёсны Лётчык.
І лунае месяц да самага раньня —
быццам камера відэаназіраньня.

Ён фіксуе бязжарсна ўсе нашыя скаргі,
рэцыдывы злосьці й мілоснай смагі.
І спадае сьнег на бязьлюдны Падол,
нібы душы памерлых пчол.

А навокал — абрысы прывідных кранаў.
Алкашы ў каматозе, бамжы ў нірване.
Іхні смутак глыбокі й густы, як рака,
і халодны, нібы шчака:

ён усіх правядзе празь віры і празь мелі,
праз усе кабакі і ўсе бардэлі
і скіруе нас на сьвятло, заадно
апусьціўшы на самае дно.