Сяргей Прылуцкі. Юра
яго звалі Юра.
мы працавалі разам на заводзе газавае апаратуры.
малады, мускулісты герой Іліяды,
выпускнік універу, токар 2–га разраду,
ён трымаўся за працу, бо — крэдыт, жонка, пялюшкі.
сказаў аднойчы “яшчэ трошкі —
і я здохну ў гэнай канюшні”.
мы сядзелі тады на хаце: рэцыдывіст Груша,
я, Юра і Людка,
былая аднакласьніца, пасьля — прастытутка.
ужо тады Люда трымала маленькі прытон,
ейны муж, юны гопнік Антон
ад такое маліны збухаўся, скалоўся і здох.
Юра трымаўся як мог:
заняўся ёгай, купіў каляндарык з Будам,
але ўрэшце забіў на сям’ю, закахаўся ў Люду,
пачаў хадзіць з братвою раёну,
на год заляцеў на зону,
потым яшчэ і яшчэ. зрабіў на запясьці
наколку “Л+Ю=ШЧАСЬЦЕ”.
пабываўшы ва ўсіх абласных пастарунках, блатхатах,
на ўсялякі выпадак трымаў пад падушкай гранату.
тым часам Люда завязала з панэльлю,
яны пачалі калясіць па мястэчках і мелі
усё, што хацелі, рабуючы крамы, запраўкі,
аўтавакзалы, паштамты, банкі.
разганяючы сэрцы да 120-ці ў хвіліну,
трымалі ў тонусе ўсю краіну.
накрылі іх хутка. сканчаўся люты.
у лепшых традыцыях Галівуду
ўцякалі навосьлеп, паўз чорны лес,
кінуўшы грошы й стары мэрсэдэс…
уваччу праплывалі аблокі, чуўся сабачы брэх.
падалі ціск, тэмпература, сьнег.
па бязьлюдным узьлеску скакала касуля,
і кроў праступала паволі праз сукню й кашулю.